сёння 18 лістапада

Выстаўка "Адыходзячая натура"

23 жніўня 2017 года а 16–й гадзіне у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца адкрыццё выстаўкі "Адыходзячая натура" аўтарскай лялькі Валерыі Гайшун.

Валерыя Гайшун нарадзілася ў Ленінградзе і праз некаторы час пераехала разам з сям'ёй на радзіму маці ў Бабруйск. Лялечная гісторыя ў жыцці мастачкі пачалася не так даўно.

Майстар стварае лялькі з воўны ў тэхніцы сухога валяння. Усе персанажы – габрэі з мінулых часоў, з СССР, людзі, якіх Валерыя памятае з часоў свайго дзяцінства. Яе працы прысвечаны гэтым людзям, у тым ліку – яе любімаму дзядулю, таму ў яе лялек ёсць імёны і свая гісторыя. Праз свае лялькі майстар імкнецца перадаць габрэйскія традыцыі і дух народа. Кожная лялька мае свой вобраз і характар. Сярод іх – эпатажная прыгажуня Эстэр Фейгел, адухоўлены эмігрант Фіма, шчаслівыя маладыя Навум і Фіра, задуменны крытык Аркадзь Язэпавіч. Апошняя лялька, дарэчы, муж Валерыі. Усе, хто натхняў Валерыю, знайшлі сваё адлюстраванне ў рысах ваўняных чалавечкаў.

Выстаўкі Валерыі Гайшун праходзілі ў розных гарадах і краінах.

У 2012 годзе была праведзена выстаўка ў галерэі «Пятая графа» ў рамках мерапрыемства «Вянок дружбы» ў Бабруйску, а таксама ў Галерэі “Ў”.

У 2013 годзе арганізавана выстаўка «У пошуках страчанага» у Арт–галерэі М. Шагала ў Віцебску.

У 2015 г. – выстаўка «Кухня габрэйскага мястэчка, якога больш няма» ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

У 2016 г. – выстаўка «Persona grata» ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, а таксама выстаўка ў Магілёве пад назвай «Усё праходзіць».

Сёлета была праведзена выстаўка пад назвай «Зоркі над мястэчкам». Удзельнічала ў выстаўках у Санкт–Пецярбургу і Маскве.

У жыхароў і гасцей горада Мінска зноў з'явіцца магчымасць убачыць унікальныя габрэйскія лялькі выдатнага майстра Валерыі Гайшун. Рады бачыць усіх на нашай выстаўцы ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Магчыма, і вы зможаце пазнаць у гэтых ляльках сябе!