сёння 23 жніўня

Калекцыя "Выяўленчыя матэрыялы"

Найбольш значная калекцыя - “Выяўленчыя матэрыялы”. На сённяшні дзень у ёй налічваецца 4433 адзінкі захавання .

Першае, на што трэба звярнуць увагу, даючы характарыстыку калекцыі “Выяўленчыя матэрыялы” – гэта выклікаючыя асаблівую цікавасць работы беларускіх сцэнографаў даваеннага перыяду: эскіз дэкарацыі да спектакля “Зямля і неба” 1933 года мастака Варпеха М. Таксама ў фондах музея знаходзяцца раннія работы Аскара Пятровіча Марыкса. За сваё доўгае творчае жыццё ён працаваў амаль што ва ўсіх вядучых тэатрах рэспублікі: Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага, Тэатры юнага гледача. У калекцыі “Выяўленчыя матэрыялы” поўна і ўсебакова прадстаўлена яго творчасць. Даваенныя работы: “Кастусь Каліноўскі” 1923, “Машэка” 1923, “Каваль-ваявода”1925, “Снежная каралева” 1939.

Другім знакамітым мастаком які працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы прыкладна ў адзін час з Аскарам Пятровічам Марыксам быў Іван Міхайлавіч Ушакоў. Пасля его смерці ўдава мастака перадала ў фонды музея амаль увесь архіў мужа. Яго творчасць прадстаўлена эскізамі дэкарацый да такіх твораў як “Канстанцін Заслонаў” 1947, “Кацярына Жарнасек” 1938, “На досвітку”, “Глыбокія каранні” 1947, “Заложнікі” 1945.

Акрамя работ сцэнографаў, якія працавалі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы, у фондах вельмі добра і поўна прадстаўлена творчасць мастакоў іншых тэатраў Беларусі. Асаблівае месца сярод іх займае Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Акрамя сцэнаграфіі ў калекцыі “Выяўленчае мастацтва” прадстаўлены жывапіс. Гэта партрэты вядомых дзеячоў мастацтва і культуры: Станюты С.М., Александроўскай Л.П., Марыкса А.П. і іншых. Таксама маецца шэраг твораў прысвечаных У. Галубку.