сёння 24 мая

Гісторыя музея

Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь быў створаны ў горадзе Мінску 23 сакавіка 1990 года. Першапачаткова ён размяшчаўся ў будынку па вуліцы Старавіленская, 14 (сёння там знаходзіцца адзін з двух філіялаў музея – “Гасцёўня Ўладзіслава Галубка”). У 2001 годзе музей пераехаў ў спецыяльна адрэстаўраваны для яго будынак, па Музычнаму зав., 5.

Вельмі загадкавая гісторыя гэтага будынка – помніка архітэктуры ХІХ ст. Рашэнне пабудаваць на гэтым месцы жылы дом было прынята яшчэ ў XVIII ст. У розныя перыяды ў гэтага будынку былі розныя ўладальнікі, многія кватэры здаваліся ўнаём. Напрыклад, на другім паверсе некаторы час у 1840 г. жыла сям’я бацькі кампазітара Станіслава Манюшкі, польскага мастака Чэслава Манюшкі. Быў перыяд, калі ў доме па Музычнаму завулку размяшчаўся прызыўны пункт Мінскай губерніі.

Цікавасць выклікае тое, што будынак у некаторых матэрыялах аб мінулым горада ўзгадваецца як Дом масонаў, але пацверджання гэтаму ў даследаваннях няма, як і даставерных звестак аб пасяджэннях у гэтых сцянах масонскай ложы “Паўночны факел”. Дом належыў мінскай масонскай ложы “Чырвоны факел” і быў пабудаваны гэтым аб’яднаннем Але дакладна вядома, што ў 20-я гг. ХІХ муж адной з уладальніц будынка быў у спісках членаў масонскай ложы. Магчыма, менавіта таму будынак і атрымаў сваю назву.

Будынак стаіць на высокім цокале, пабудаваным з цэглы і вялікіх валуноў. Знешняя архітэктура дайшла да нас у нязменным выглядзе і прадстаўлена стылістычнымі элементамі, характэрнымі для барока і ранняга класіцізма, на плане ён уяўляе сабой масонскі крыж. Гэтае дасягаецца за кошт сімятрычна выступаючых з чатырох бакоў цэнтральных частак фасада. Існуе паданне, што па канонах ложы дом будаваўся без вокнаў, праёмы замяняліся нішамі, у якія ўстаўлялася каляровае шкло. Яно хавала ад чужынцаў масонскія сакрэты. Упершыню дом быў абазначаны на плане горада ў 1817 г. сама масонская ложа была заснавана ў Мінску ў 1816 г. і праіснавала да 1822 г., пакуль не была забаронена рашэннем царскага ўрада. Да таго ж, у розных крыніцах сустракаюцца розныя назвы масонскай ложы – у адных “Чырвоны факел”, у другіх – “Паўночны факел”.

Асноўны фонд музея на канец 2011 г. складае 23 246 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – 2482 адзінкі. Фонд музея штогод папаўняецца новымі і цікавымі рэчамі. Напрыклад, у 2010 годзе у фонды трапіў кантрабас (басэтля) XVIII стагоддзя работы італьянскага майстра (магчыма П’етра Антоніа Ландольфі), які перадала ў дар Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі.

Фонды музея падзяляюцца на 10 калекцый: музычныя інструменты, нотныя рукапісы, дакументальныя матэрыялы, фотаздымкі і фотарэпрадукцыі, афішы і праграмы, выяўленчыя матэрыялы, фоназапісы, відэазапісы, рэдкія друкаваныя выданні, мемарыяльныя рэчы. У калекцыі “дакументальныя матэрыялы” знаходзяцца асабістыя дакументы, рэжысёрскія распрацоўкі, манціроўкі спектакляў, тэксты роляў з паметкамі выканаўцаў і г.д., у калецыі “выяўленчыя матэрыялы – эскізы дэкарацый і касцюмаў, макеты дэкарацый, тэатральныя лялькі, мастацкія партрэты дзеячоў мастацтва, скульптурныя выявы, эцюды і замалёўкі беларускіх мастакоў-сцэнографаў.

Агульная плошча экспазіцыі складае 362 кв. м. Музей мае 11 экспазіцыйных і адну выставачную залу.

Першая экспазіцыя музея – “Вытокі тэатральнай і музычнай культуры на беларускіх землях” – адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў у 2002 годзе. У ёй знаходзяцца старажытныя музычныя інструменты (свістулька, жалейка, пешка-барабаншчык, вухавёртка), традыцыйныя музычныя інструменты (трашчоткі, калатушкі, бразготкі, дуды, скрыпкі, гармонікі, цымбалы і інш.), фрагменты “Радзівілаўскага летапісу” з выявамі прадстаўлення скамарохаў, народныя календары і фальклорныя строі, рэчы, якія расказваюць пра народныя святы і абрады. У экспазіцыі “Батлейка” (беларускі народны лялечны тэатр) прадстаўлены розныя віды батлеек (яселкі, віцебскі жлоб і двухпавярховая магілёўская батлейка), лялькі да розных спектакляў. Экспазіцыя “Беларуская музычная культура XX ст.” знаёміць наведвальнікаў з нотнымі рукапісамі твораў беларускіх кампазітараў, музычнымі інструментамі, мемарыяльнымі рэчамі дзеячоў беларускай музычнай культуры. Прадстаўлены сцэнічныя касцюмы, афішы, праграмы, фотаздымкі і іншыя матэрыялы аб творчай дзейнасці музычных калектываў Беларусі.

У 2006 годзе адчынілася экспазіцыя “Тэатральная культура Беларусі XX ст.”, якая прысвечана станаўленню прафесійнага беларускага тэатральнага мастацтва на працягу XX ст. Паказаны найбольш значныя падзеі, спектаклі, гістарычныя дакументы, афішы, праграмы і фотаздымкі, звязаныя з дзейнасцю тэатраў Беларусі. Асноўную экспазіцыю дапаўняюць мемарыяльныя пакоі, прысвечаныя творчасці выдатных майстоў беларускай сцэны: нар. арт. СССР Л. Александроўскай, нар. арт. СССР С. Станюты, нар. арт. СССР М. Яроменкі і яго сям’і (жонкі – нар. арт. Бел. Г. Арловай, і сына М. Яроменка, акцёра кіно). У 2010 годзе адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў мемарыяльны пакой кампазітара Я. Глебава. Маецца зала, прысвечаная гісторыі развіцця беларускага лялечнага тэатра.

Былі адкрыты новыя экспазіцыі: «Музычная і тэатральная культура Беларусі Х-XVIII стагоддзяў» і «Фарміраванне нацыянальнай прафесійнай тэатральнай і музычнай культуры ХІХ стагоддзя». Экспазіцыі прысвечаны развіццю музыкі найбольш буйных канфесій, якія існуюць на тэрыторыі Беларусі, дзейнасці школьных і магнацкіх тэатраў, творчасці Сімяона Полацкага, Уршулі Радзівіл, Міхала Казіміра Агінскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Станіслава Манюшкі і іншых яркіх прадстаўнікоў музычнай і тэатральнай культуры Беларусі, гэтага перыяду.

Асаблівая ўвага на экспазіцыі прыцягваюць да сябе матэрыялы, якія распавядаюць аб тэатральнай дзейнасці таленавітай прадстаўніцы вядомага беларускага магнацкага роду Радзівілаў - Уршулі Радзівілаў. Менавіта яна ў 1746 годзе арганізавала ў Нясвіжы вядомы на ўсю Еўропу прыдворны тэатр.

У новых залах экспазіцый прадстаўлены копіі і муляжы рукапісных хрысціянскіх зборнікаў песнапенняў, макет сцэны школьнага тэатра, гравюры і нотныя рукапісы. Сярод экспанатаў партрэты В. Дуніна-Марцінкевіча і С. Манюшкі, макет дэкарацыі і эскізы да спектакля "Пінская шляхта", афішы і эскізы касцюмаў да оперы "Галька", копіі нотных рукапісаў С. Манюшкі.

У музеі праводзіцца вялікая колькасць розных мерапрыемстваў: творчыя сустрэчы, мерапрыемствы да юбілейных дат дзеячоў тэатральнага і музычнага мастацтва, тэматычныя выстаўкі, канферэнцыі.

У снежні 2014 года Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь перайшоў у склад Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь у якасці філіяла.